советская мозаика

У Пінскім раёне знішчылі савецкую мазаіку на транспартным прыпынку

16.01.2026 06:45 Мазаіка на прыпынку ў Месткавічах. Источник фото

У Беларусі чарговы выпадак знішчэння твораў манументальнага мастацтва: цяпер у вёсцы Месткавічы. BGmedia распавядае, што адбываецца з мазаікамі ў краіне.
Читайте BGmedia в:

Нядаўна стала вядома пра знішчэнне чарговага твору манументальнага мастацтва ў Беларусі. Гэтым разам гэта адбылося ў вёсцы Месткавічы Пінскага раёна.

Чытайце таксама: Што будзе далей са спадчынай паэткі Яўгеніі Янішчыц?

На прыпынку грамадскага транспарта ў Месткавічах знішчылі мазаіку савецкага часу. Аб гэтым паведаміў у Threads карыстальнік пад нікам @_belarusian_soviet_bus_stops_. Ён часта выкладае допісы пра творы манументальнага мастацтва на прыпынках у розных беларускіх гарадах.

советское панно
Як выглядала мазаіка ў Месткавічах да знішчэння. Фота: @_belarusian_soviet_bus_stops_

Па словах аўтара паста, прыпынак не выглядаў аварыйным, але замест прыгожай мазаікі пакінулі звычайны прафіліраваны ліст. Цяпер на ім няма малюнкаў кветак і мытылькоў, зробленых з керамічнай пліткі.

«Такія аўтобусныя павільёны з’яўляюцца часткай нашай гісторыі і культуры, і ім патрэбная абарона ад знішчэння», — адзначае аўтар публікацыі.

мозаика на автобусной остановке
Што было і стала з мазаікай у Пінскім раёне. Фота: @_belarusian_soviet_bus_stops_ у Threads

Што пра сітуацыю думаюць беларусы

У каментарах пад публікацыях многія беларусы выказалі абурэнне наконт разбурэння мазаікі ў Месткавічах. На меркаванне карыстальнікаў, праблема патрабуе значнай увагі, бо мазаікі на прыпынках — такая ж спадчына краіны, што патрабуе належнай аховы. Хтосьці спадзяецца, што ў сітуацыю змогуць умяшацца ўлады, каб захаваць тое, што ёсць.

  • «Эх, а колькі ў маіх мясцінах такіх знеслі… Мне вельмі шкада заўсёды. Гэта дакладна тое, што трэба было захоўваць з саўка. Я бы сказаў, што ўваходзіць ў топ».
  • «У нас таксама знеслі такую ​​прыгажосць, паставілі металапрофіль. Нашаму абурэнне няма мяжы. Таксама Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён».
  • «Вельмі, вельмі шкада, што ідуць па шляху найменшага супраціву. Гэтыя прыпынкі — гісторыя, іх трэба захоўваць. Яны поўнасцю выконваюць сваю ўтылітарную функцыю. Спадзяюся, Аўтадоры і вышэй стаячыя ўлады змогуць абараніць падыход, які забяспечыць захаванне таго, што ёсць».
савецкае панно
Як выглядала мазаіка ў Месткавічах да знішчэння. Фота: @_belarusian_soviet_bus_stops_

Чытайце таксама: У Брэсце былую помпавую вежу не прызналі каштоўнасцю і выставілі на продаж з умовай зносу

Не першы выпадак у краіне

Гэта не першы выпадак знішчэння твораў манументальнага мастацтва ў Беларусі. Раней падобныя сітуацыі ўжо неаднаразова выклікалі абурэнне спецыялістаў і грамадскасці.

Так, у Бярозе былі знішчаныя вялікія мазаікі часоў нацыянальнага адраджэння, якія выходзілі на мясцовы стадыён. Замест мастацкіх панно на будынку пакінулі звычайную шэрую сцяну. Пра гэта паведамляў Telegram-канал «Спадчына», які вядуць беларускія архітэктары. Паводле іх ацэнкі, знішчэнне мазаікі адбылося з сур’ёзнымі парушэннямі заканадаўства.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1374 ад 19 верасня 2008 года «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва», рэканструкцыя твораў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва, да якіх адносяцца і ўсе мазаікі, можа праводзіцца толькі на падставе экспертнага заключэння Брэсцкага абласнога мастацка-экспертнага савета.

Мазаіка створана ў 1989-1990 гадах па дзяржаўным заказе мастаком Рыгорам Кірдзеем і мае назву «Прыгажосць выратуе свет».

советская мозаика
Мазаіка, якую знішчылі ў Бярозе. Фота: Telegram-канал «Спадчына»

Іншы падобны выпадак адбыўся ў Бабруйску. Там разам з будынкам былой футравай фабрыкі па вуліцы Бахарава была знішчаная і савецкая мазаіка, якая з’яўлялася часткай архітэктурнага аблічча раёна.

произведение монументального искусства в Бобруйске
Мазаіка ў Бабруйску. Фота: 1387.by

Парушэнні фіксаваліся і ў Мінску. На дзіцячым садку № 347 на тарцавых сценах будынка затынкавалі савецкія мазаікі з выявамі Чабурашкі. Пры гэтым дзеянне мультфільма адбываецца ў дэкарацыях, натхнёных старым Мінскам, што надавала творам дадатковую культурную і сімвалічную вартасць. Мазаікі былі складзеныя з каляровай паліванай кафлі, аднак гэта не ўратавала іх ад знішчэння.

советская мозаика
Мазаіка з Чабурашкай у Мінску да і пасля знішчэння. Фота мясцовага жыхара для realt.onliner.by

Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў Баранавічах. На заводзе аўтаматычных ліній падчас рамонту савецкую мазаіку проста зафарбавалі чорнай фарбай.

советская мозаика
Мазаіка ў Баранавічах да і пасля знішчэння. Фота: Telegram-канал «Спадчына»

Паводле беларускага заканадаўства, замазаць або знішчыць мазаікі можна толькі пасля афіцыйнага рашэння аб дазволе такога віду «рэканструкцыі». Рэканструкцыя твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у тым ліку мазаік, павінна адбывацца згодна з Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Аднак у пералічаных выпадках, як адзначаюць спецыялісты са «Спадчыны», такія дазволы ніхто не атрымліваў.

Як мазаікі ахоўваюць ва Украіне

Нават ва ўмовах вайны і абмежаваных магчымасцяў сістэмы аховы спадчыны ва Украіне захаванне манументальнага мастацтва застаецца ў полі ўвагі ўладаў і прафесійнай супольнасці. Паказальны выпадак адбыўся ў Львове, дзе ў 2023 годзе арандатар памяшкання выдавецтва «Вільна Україна» знішчыў мазаічнае пано «Інфармацыйная прастора», створанае ў 1981 годзе мастаком Багданам Сойкам для інтэр’ера былога «Саюздрука».

советское панно
Мазаіка «Інформаційний простір» да руйнавання. Цяпер яе аднаўляюць. Фота: Львівська міська рада ў Facebook

Кампазіцыя, якая сімвалізавала кантыненты і глабальны абмен інфармацыяй, была пашкоджаная падчас рамонту, і на яе месцы застаўся толькі аўтарскі падмалёвак. Хоць мазаіка не ўваходзіла ў Дзяржаўны рэестр помнікаў Украіны, наўмыснае знішчэнне культурнай спадчыны ў краіне кваліфікуецца як крымінальнае злачынства, таму ўласнік памяшкання за ўласны кошт займаецца яе аднаўленнем.

Гэты выпадак стаў падставай для далейшых крокаў з боку гарадскіх уладаў: у Львове пачалі маркіраваць мазаікі знакам «Блакітны шчыт» — ахоўнай эмблемай Гаагскай канвенцыі, а спецыялісты атрымалі даручэнне прааналізаваць стан мазаічных твораў і падрыхтаваць рэкамендацыі па іх захаванні і магчымым унясенні ў Дзяржаўны рэестр нерухомых помнікаў. На гэтым фоне беларускі досвед паказвае, што наяўнасць заканадаўчых нормаў сама па сабе не заўсёды гарантуе іх выкананне, што робіць пытанне практычнага захавання манументальнага мастацтва асабліва актуальным.

Чытайце таксама: У Гродне знішчылі стары будынак дзеля «рэканструкцыі», і гэта не адзінкавы выпадак

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: